"БРЭЙДАБЛІК" — "ДЫНАМА"-БДУФК: 7 ЖНІЎНЯ Ў 10.00
Падначаленыя Юрыя Малеева працягваюць выступленні ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе жаночай Лігі чэмпіёнаў-2026/27. На жаль, прабіцца ў фінал групы 3 не атрымалася — непераадольным бар’ерам аказаўся швейцарскі "Сервет" (0:3).
У пятніцу, 7 жніўня, "Дынама"-БДУФК чакае супрацьстаянне за 3-е месца — супраць ісландскага "Брэйдабліка". Суперніцы пазмагаюцца на цэнтральным стадыёне імя Кабланды-батыра ў казахстанскім Актабэ. Пачатак у 12.00 па мясцовым часе (10.00 па беларускім).
На паядынку будзе працаваць брыгада арбітраў у такім складзе: галоўны — Каралін Енсэн, памочнікі — Хэлле Рэйтэн (абедзве — Нарвегія) і Піна Пуэнтэ. Чацвёрты — Паола Себалада (абедзве — Іспанія). Інспектар матчу — Міраслава Мігалава (Славакія). Дэлегат УЕФА — Лукас Сіатропас (Грэцыя).
Адзначым, што перамога ў гэтай сустрэчы дазволіць нашым дзяўчатам прыняць удзел у стартавым раўндзе Кубка Еўропы-2026/27.







