ЭДУАРДУ МАЛАФЕЕВУ — 81 ГОД
У пятніцу, 2 чэрвеня, праслаўленаму ветэрану мінскага "Дынама" Эдуарду Малафееву спаўняецца 81 год.
Эдуард Васільевіч стаў сапраўднай легендай нашага клуба і беларускага футбола ў розных іпастасях. Як футбаліст у складзе "бела-сініх" правёў больш за трыста паядынкаў і забіў 117 мячоў, заваяваў бронзу саюзнай найвышэйшай лігі-1963. У ролі галоўнага трэнера прывёў падначаленых да трыумфу ў чэмпіянаце СССР-1982.
Апроч таго, Эдуард Малафееў выступаў за нацыянальную зборную СССР, а таксама стаяў у яе стырна. Плюс ледзьве не вывеў галоўную каманду Беларусі ў фінальны турнір планетарнага форума-2002.
ФК "Дынама-Мінск" разам з заўзятарамі віншуюць Эдуарда Васільевіча з днём нараджэння! Здароўя, бясконцага аптымізму, доўгіх гадоў жыцця!