СЯРГЕЮ БАРОЎСКАМУ — 70!
У чацвер, 29 студзеня, віншаванні з нагоды 70-годдзя прымае легендарны мінскі дынамавец Сяргей БАРОЎСКІ.
Цэнтральны абаронца, які вылучаўся ўчэпістасцю, хуткаснымі данымі і гульнявым мысленнем, выступаў за асноўны склад "бела-сініх" цягам чатырнаццаці сезонаў (1974-87), правёў рэкордныя 457 афіцыйных паядынкаў, забіў пяць мячоў. Разам з партнёрамі заваяваў тытул чэмпіёна СССР-1982, а годам пазней прымерыў бронзавы медаль. Уключаўся ў спіс 33 найлепшых футбалістаў Савецкага Саюза (№1 — 1982, №2 — 1981, 1983, 1984). У форме нацыянальнай зборнай выходзіў на поле 22 разы, у тым ліку ўдзельнічаў у фінальным турніры мундыяля-1982 у Іспаніі (3 матчы).
З 1989-га — на трэнерскай працы. З ліпеня 2016-га па май 2017-га ўзначальваў родную каманду, якую прывёў да фінішу на трэцім радку ў чэмпіянаце-2016. Кіраваў нацыянальнай зборнай Беларусі (1994-1996, кастрычнік-1999 — май-2000).
Сяргей Уладзіміравіч, з юбілеем! Здароўя, дабрабыту, энергіі для рэалізацыі ўсіх планаў, невычарпальнага аптымізму!








