МІКІТА ДЗЕМЧАНКА ПАСПРАБУЕ СВАЕ СІЛЫ ЗА МЯЖОЙ
Па сканчэнні тэрміну дзеяння кантракта мінскае "Дынама" пакінуў Мікіта ДЗЕМЧАНКА, які працягне кар’еру ў адным з еўрапейскіх чэмпіянатаў.
Гэты паўабаронца з самага дзяцінства быў звязаны з "бела-сінімі": тут пачаў займацца футболам, пераадолеў усе ступені на юнацкім узроўні, выступаў за дубль, а 26 чэрвеня 2019-га дэбютаваў за галоўную каманду ў выязным кубкавым супрацьстаянні з "Гранітам".
Цягам папярэдніх трох сезонаў з’яўляўся гульцом асноўнай абоймы, разам з партнёрамі заваяваў залатыя медалі айчыннага элітнага дывізіёна (2023, 2024) і Суперкубак Беларусі (2025), прабіўся ў агульны этап Лігі канферэнцый-2024/25. Увогуле правёў 119 афіцыйных паядынкаў, забіў чатыры мячы і аддаў два выніковых паса.
З канца 2024-га выклікаўся ў нацыянальную зборную (9 сустрэч, 2 галы).
Мікіта, вялікі дзякуй за ўнёсак у дасягненні роднага клуба! Няхай на новым працоўным месцы ўсё атрымаецца максімальна паспяхова — і заўсёды рады бачыць цябе на матчах "Дынама-Мінск"!







