КОЛЕРЫ "БЕЛА-СІНІХ" БУДЗЕ АБАРАНЯЦЬ ГУЛЖЫГІТ АЛЫКУЛАЎ
Кантракт з мінскім "Дынама" падпісаў флангавы хаўбек Гулжыгіт АЛЫКУЛАЎ.

Нарадзіўся 25 лістапада 2000-га ў сталіцы Кыргызстана — Бішкеку. Выхаванец Акадэміі мясцовага ФК "Дардой" (першы трэнер Уладзімір Мяфодзьевіч Садоўскі). У 2017-м гуляў за юнацкую каманду турэцкага "Антальяспора". У наступным вярнуўся на радзіму, дзе 7 красавіка дэбютаваў на прафесійным узроўні за "Кара-Балту" ў чэмпіянатным супрацьстаянні з тым самым "Дардоем". У другой палове 2018-га абараняў колеры "Алгі".
У 2019-м далучыўся да гарадзенскага "Нёмана", у 24 афіцыйных матчах запісаў на асабісты рахунак чатыры галы, чатыры асістэнцкіх балы — і быў прызнаны футбалістам года ў Кыргызстане.

З 2020-га па ліпень 2023-га выступаў за казахстанскі "Кайрат", у шэрагах якога стаў чэмпіёнам (2020) і ўладальнікам Кубка (2021), а таксама паўдзельнічаў у групавм раўндзе Лігі канферэнцый-2021/22. Усяго ў форме алмаатынцаў з’явіўся на газоне 99 разоў ва ўсіх турнірах (13+13).
У жніўні-2023 зноў прыехаў у "Нёман" — і за паўтары сезоны двойчы прымерыў срэбраныя медалі найвышэйшай лігі плюс дапамог заваяваць Кубак краіны-2023/24 (50/12+9). Уключаны ў сімвалічную зборную "А" па выніках чэмпіянатаў Беларусі (2023, 2024).
2025-ы правёў у маскоўскім "Тарпеда" (Д2; 20/1+0).

Мае ў актыве 47 паядынкаў за нацыянальную зборную Кыргызстана (6 забітых мячоў).
Гулжыгіт, ласкава вітаем у "бела-сіняй" сям’і! Толькі эфектных дзеянняў, яскравых перамог і максімальных вынікаў!







