АЛЯКСАНДР ШАГОЙКА — ГАЛОЎНЫ ТРЭНЕР "БЕЛА-СІНІХ"
У сезоне-2026 у мінскага "Дынама" будзе новы галоўны трэнер — гэту пасаду заняў вядомы беларускі спецыяліст Аляксандр ШАГОЙКА.
У ураджэнца сталіцы слаўная гульнявая біяграфія, якая ўключыла выступленні за чатыры каманды. У складзе "Белшыны" — трыумфы ў Кубку (1999, 2001) і чэмпіянаце (2001) краіны, з "Гомелем" — залатыя медалі айчыннага элітнага дывізіёна-2003. Годныя этапы здарыліся і ў украінскім "Крыўбасе", і ў "Іслачы", дзе па скачэнні сезона-2019 універсальны футбаліст абарончага плану завяршыў кар’еру, прыпыніўшыся на адзнацы 591 матч найвышэйшага ўзроўня (у тым ліку чатыры ў форме нацыянальнай зборнай).
У трэнерстве дэбютаваў ў лютым 2020-га — у юнацкай зборнай Беларусі U14. У далейшым працаваў у Акадэміі АБФФ, "Іслачы", "Арсенале", "Энергетыку"-БДУ. У студзені 2025-га ўзначаліў "МЛ Віцебск", які упершыню прабіўся ў клас наймацнейшых. І зрабіў выдатную працу: на экватары дыстанцыі паўночнікі знаходзіліся на верхнім таблічным радку, апераджаючы найблізкага пераследніка на восем балаў. Шагойка прызнаваўся найлепшым трэнерам чэмпіянату па выніках красавіка, мая і жніўня.
Цяпер Аляксандру Аляксандравічу належыць рухацца да дасягнення максімальных мэтаў разам з "бела-сінімі". Зычым папутнага ветру, толькі верных рашэнняў, рэалізацыі ўсіх планаў, удачы і, канешне, як мага больш перамог!
У штаб Аляксандра Шагойкі ўвайшлі Аляксандр Паўлаў, Аляксандр Быліна, Андрэй Дрозд, Уладзімір Свірыдаў і Дыяна Тропнікава.







