КАЗАКЕВІЧ І ВАРДАНЯН МОГУЦЬ ДЭБЮТАВАЦЬ ЗА ГАЛОЎНУЮ КАМАНДУ КРАІНЫ
Нацыянальная зборная Беларусі на наступным тыдні згуляе першыя ў годзе кантрольныя паядынкі — абодва на выездзе. У чацвер, 26 сакавіка, належыць змагацца з кіпрыётамі, у нядзелю, 29-га, — з армянамі.
Удзел у спарынгах могуць прыняць 25 футбалістаў, у тым ліку квінтэт прадстаўнікоў нашага клуба: брамнік Міхаіл КАЗАКЕВІЧ, абаронцы Раман БЕГУНОЎ, Уладзіслаў КАЛІНІН, хаўбек Аляксандр СЯЛЯВА, нападнік Карэн ВАРДАНЯН.
Адзначым, што Казакевіч з Варданянам маюць шанс дэбютаваць на такім узроўні. Прычым калі 23-гадовы галкіпер ніколі выкліку ў галоўную каманду краіны не атрымліваў, то найлепшы снайпер "бела-сініх" у сезоне-2025 у мінулым лістападзе знаходзіўся ў абойме ў афіцыйных матчах з датчанамі і грэкамі, але на газоне не з’явіўся.
У штаб новага настаўніка Віктара Ганчарэнкі ўвойдзе Андрэй ДРОЗД, які ў асноўным складзе мінскага "Дынама" адказвае за працу з варатарамі.







