АНДРЭЮ САЦУНКЕВІЧУ — 60!
У сераду, 18 сакавіка, 60-ы дзень нараджэння святкуе вядомы ў мінулым галкіпер мінскага "Дынама" Андрэй САЦУНКЕВІЧ.
Выхаванец сталічнай СДЮШАР №5 дэбютаваў за асноўны склад 14 чэрвеня 1986-га ў дамашнім супрацьстаянні 1/16 фіналу Кубка СССР з армянскім "Катайкам", а ўжо ў наступным календарным годзе ад званка да званка правёў усе 39 сустрэч у чэмпіянаце і Кубку Савецкага Саюза, дзе "бела-сінія" дабраліся да вырашальнай стадыі розыгрышу-1986/87 — і саступілі кіеўскім аднаклубнікам (3:3, па пенальці 2:4), плюс у Кубку ўладальнікаў кубкаў УЕФА.
Усяго ж выступаў за родную каманду цягам дзесяці сезонаў, запісаў на асабісты рахунак 221 афіцыйны паядынак. Чэмпіён Беларусі (1992, 1992/93).
Доўгі час працаваў трэнерам варатароў у Акадэміі мінскага "Дынама".
Сардэчна віншуем Андрэя Анатольевіча з юбілеем, зычым моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і душэўнага спакою!







