ГРУПА ДЫНАМАЎЦАЎ ПАЕХАЛА Ў АЎСТРЫЮ
Зборную нашай краіны, сфармаваную з футбалістаў не старэйшых за 2008 год нараджэння, чакаюць найважнейшыя афіцыйныя баталіі.
У межах групы 4 дывізіёна А адборачнай кампаніі EURO’2027 U19 належыць змагацца з равеснікамі з Аўстрыі (гаспадары квартэту; 11 лістапада), Англіі (14-га) і Славеніі (17-га).
Адразу тры каманды атрымаюць права працягнуць барацьбу за пуцёўкі ў фінальны турнір.
Трэнерскі штаб беларусаў на чале з Арцёмам Канцавым уключыў у выязны спіс шэсць прадстаўнікоў мінскага "Дынама". Гэта галкіпер Аляксандр АЛЕКСАНДРОВІЧ, абаронца Мікіта КАЛЕСНІКОВІЧ, хаўбекі Цімафей ГУДАЧ, Дзмітрый ДЗЕГЦЯРЭНКА, Сяргей ЖЫВУШКА, нападнік Андрэй ЛУЦКОВІЧ.







