КАЛІНІН І МЯКІШ УПЕРШЫНЮ ВЫКЛІКАНЫ Ў НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ЗБОРНУЮ

Галоўную футбольную каманду нашай краіны чакае старт у кваліфікацыі чэмпіянату свету-2026. У пятніцу, 5 верасня, належыць на выездзе пазмагацца з супернікамі з Грэцыі, а ў панядзелак, 8-га, у намінальна дамашняй сустрэчы, якая пройдзе ў венгерскім Залаэгерсегу, вызначаць мацнейшага з шатландцамі.
Трэнерскі штаб уключыў у канчатковы спіс для падрыхтоўкі да матчаў 24 гульцы, у тым ліку квартэт прадстаўнікоў мінскага "Дынама".
Для абаронцы Ўладзіслава КАЛІНІНА і апорніка Максіма МЯКІША гэта першы такі выклік. Яўгена МАЛАШЭВІЧА, які апошнім часам добра праяўляе сябе на пазіцыі нападніка, ужо запрашалі на чэрвеньскія спарынгі — тады далучыцца перашкодзіла траўма. І толькі ў хаўбека Мікіты ДЗЕМЧАНКІ ёсць досвед выступленняў за нацыянальную зборную — 3 паядынкі і гол.
Адзначым, што ў групе С за выхад у фінальны турнір таксама будуць бароцца датчане.