ДЫНАМАЎЦЫ U19 — ТРЭЦІ ГОД ЗАПАР НА ЕЎРААРЭНЕ

У першы дзень верасня адбудзецца лёсаванне кваліфікацыйных раўндаў "Шляху пераможцаў нацыянальных чэмпіянатаў" Юнацкай лігі УЕФА-2025/26. Трэці сезон запар Беларусь у гэтым прэстыжным турніры прадставяць дынамаўцы Мінска.
Каманды павінны камплектавацца футбалістамі не старэйшымі за 2007 год нараджэння. Але, у суадноснасці з рэгламентам, у заяўку на раўнд можна ўключыць не больш пяці гульцоў 2006 г.н., на канкрэтны матч — не больш трох (усе маюць права адначасова знаходзіцца на полі).
Даты паядынкаў стартавага этапу — 17 верасня і 1 кастрычніка.
Нагадаем, што ў 2023-м "бела-сінія" U19 адолелі равеснікаў з балгарскага "Лудагорца" (0:1, 2:0), потым саступілі нямецкаму "Майнцу" (1:1, 1:2). У 2024-м узялі верх над армянскім "Пюнікам"(4:2, 2:1), вось толькі ў далейшым прапусцілі наперад харвацкую "Лакаматыву" (1:2, 0:0).
Фота: uefa.com