ЗГУЛЯЕМ З "АРДАБАСЫ"

У швейцарскім Ньёне завершана лёсаванне 1-га кваліфікацыйнага раўнда "Шляху пераможцаў нацыянальных чэмпіянатаў" Юнацкай лігі УЕФА-2025/26.
Трэці год запар Беларусь на кантынентальнай арэне прадстаўляе "Дынама-Мінск" U19 — на правах наймацнейшага ў старэйшай узроставай групе "турніру ліцэнзавання".
Гэтым разам стартавым бар’ерам для "бела-сініх" акажуцца равеснікі з казахстанскага "Ардабасы".
Пазначаныя календаром гульнявыя даты — 17 верасня і 1 кастрычніка.
Нагадаем, што ў турніры ўдзельнічаюць каманды, сфармаваныя з футбалістаў не старэйшых за 2007 год нараджэння. Згодна з рэгламентам, у заяўку на раўнд можна ўключаць не болей за пяць хлопцаў 2006 г.р., на асобны матч — не болей за тры (усе маюць права адначасова знаходзіцца на полі).