ДАБРАЧЫННЫ ЗБОР НА ГУЛЬНІ З "ІСЛАЧЧУ"

Для 8-гадовай Екацярыны ВІНАГРАДАВАЙ ужо даўно ідзе жудасны адваротны адлік — на жаль, дыягназ "Спінальная мышачная дыстрафія II тыпу" бязлітасны і не дае адкладу.
Надзея на выратаванне ёсць, але каштуе велізарных грошаў — гэта прэпарат Zolgensma, набыць і ўжыць які трэба ў самым хуткім часе.
Заклікаем праявіць неабыякавасць і дапамагчы дзіцяці захаваць жыццё!
На паядынку мінскага "Дынама" з "Іслаччу" будуць арганізаваны дабрачынныя актыўнасці. У 18.00 на пляцоўцы адразу за цэнтральным уваходам на Нацыянальны футбольны стадыён з боку Партызанскага п-та адкрыецца кірмаш з удзелам беларускіх майстроў-умельцаў — выручаныя ад продажу тавараў ручной працы грошы паступяць на рахунак для Каценькі.
Там жа пройдзе маментальная бяспройгрышная латарэя з адмысловымі квіткамі коштам 5, 10 і 20 рублёў. Галоўны прыз — фірмовая байка Winline.
Іншыя спосабы аказаць пасільную фінансавую падтрымку — па спасылцы.