ТРАФІМ МЕЛЬНІЧЭНКА ПЕРАХОДЗІЦЬ У "ПОРТУ"
18-гадовы нападнік мінскага "Дынама" Трафім МЕЛЬНІЧЭНКА папоўніў склад "Порту", аднаго з партугальскіх грандаў.
Выхаванец Акадэміі "бела-сініх" добра праявіў сябе яшчэ ў 2023 годзе — у дублі і камандзе U19 у Юнацкай лізе УЕФА.
А ў мінулым сезоне выдатна скарыстаў шанс замацавацца ў асноўным складзе: згуляў ва ўсіх турнірах 37 паядынкаў, забіў тры мячы і аддаў пяць выніковых перадач, разам з партнёрамі заваяваў чэмпіёнскі тытул і прабіўся ў агульны этап еўракубкаў. Плюс увайшоў у гісторыю як самы малады дэбютант нацыянальнай зборнай Беларусі (у 17 гадоў 353 дні ў афіцыйным матчы з балгарамі).
Цяпер Мельнічэнка чакае новы досвед — удалі ад радзімы, сям’і, у іншым футбольным асяроддзі. Але не сумняваемся: працаздольнасць, цярпенне, мэтанакіраванасць абавязкова дапамогуць зрабіць якасны крок наперад.
Трафім, дзякуй за ўнёсак у поспехі мінскага "Дынама"! Усяго найлепшага на Пірэнеях — будзем сачыць і шчыра перажываць за цябе!