ФЁДАР ЛАПАВУХАЎ ПЕРАЙШОЎ У САФІЙСКІ ЦСКА

Галкіпер Фёдар ЛАПАВУХАЎ адгэтуль будзе абараняць колеры аднаго з балгарскіх грандаў — ЦСКА з Сафіі.
Абойму мінскага "Дынама" 21-гадовы футбаліст пакідае пасля багатага падзеямі і дасягненнямі сезона. Зноў, як і ў 2023-м, стаў трыўмфатарам айчыннага элітнага дывізіёна (28 матчаў, 19 "на нуль"), атрымаў бясцэнны досвед выступлення ў кожным з еўракубкавых турніраў — і дапамог "бела-сінім" дабрацца да агульнага этапу Лігі канферэнцый.
Плюс дэбютаваў за нацыянальную зборную краіны, дзе хутка заваяваў пастаяннае месца на апошняй мяжы абароны.
Па выніках года заслужана аказаўся ўладальнікам адразу чатырох індывідуальных прызоў: найлепшаму брамніку, маладому гульцу і футбалісту чэмпіянату, а таксама найлепшаму футбалісту Беларусі.
Нагадаем: Лапавухаў з’яўляецца выхаванцам дынамаўскай Акадэміі (першы трэнер Уладзімір Мікалаевіч Лук’яненка), за асноўны склад правёў 70 афіцыйных паядынкаў, у 37 захоўваў свае валоданні ў недатыкальнасці (найвышэйшая ліга — 48/28, Кубак — 5/3, Суперкубак — 1/1, Ліга чэмпіёнаў — 4/3, Ліга Еўропы — 4/1, Ліга канферэнцый — 8/1).
Фёдар, вялікі дзякуй за ўнёсак у поспехі роднай каманды — і зычым рушыць у спартовай кар’еры выключна наверх!