АЛЯКСЕЙ ГАЎРЫЛОВІЧ ПАДОЎЖЫЎ КАНТРАКТ З "ДЫНАМА-МІНСК"
Сезон-2025 у складзе "бела-сініх" правядзе Аляксей ГАЎРЫЛОВІЧ.
Дарэчы, мінулы аказаўся для вопытнага абаронцы прарыўным у даволі нечаканай якасці — бамбардзірскай. У актыве значыцца восем трапных стрэлаў, у тым ліку пераможныя ў еўракубкавых супрацьстаяннях з армянскім "Пюнікам" (1:0), гібралтарскім "Лінкальнам" (2:0) і паўночнаірландскім "Ларнам" (2:0).
Чэмпіянатны жа гол у вароты "Тарпеда"-БелАЗа (1:1) заўзятары прызналі найлепшым дынамаўскім па выніках года.
Да і ўвогуле ў 2024-м ураджэнец Пінска заставаўся важнай часткай каманднага механізму, пацверджаннем чаму — 37 матчаў ва ўсіх турнірах (элітны дывізіён — 20, Кубак краіны — 4, Ліга чэмпіёнаў — 4, Ліга Еўропы — 4, Ліга канферэнцый — 5).
Адзначым, што наступны сезон будзе для Гаўрыловіча сёмым у асноўным складзе "бела-сініх". У скарбонцы — два чэмпіёнскіх тытулы (2023, 2024) і 126 афіцыйных паядынкаў.
Аляксей, няхай у цябе і ў далейшым атрымліваецца дапамагаць мінскаму "Дынама" ў рашэнні максімальных задач!