ЗГУЛЯЕМ З ПСЖ U19
У швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне 1/16 фіналу Юнацкай лігі УЕФА-2025/26.
Упершыню да такіх высот дабраўся прадстаўнік нашай краіны — "Дынама-Мінск" U19, якое пераадолела ўсе тры бар’еры "Шляху пераможцаў нацыянальных чэмпіянатаў".
Каманду Сяргея Яромкі чакае суперніцтва з равеснікамі з французскага "Пары Сэн-Жэрмэн".
Уладальнік пуцёўкі ў наступны этап вызначыцца па выніках аднаго матчу 3 ці 4 лютага. Прычым "бела-сінія" будуць гаспадаром паядынку, месца правядзення і час пачатку якога стануць вядомыя цягам некалькіх дзён.







