ДУШАН БАКІЧ — АЎТАР НАЙЛЕПШАГА ГОЛА "БЕЛА-СІНІХ" У 2025-М
У афіцыйным Instagram-акаўнце мінскага "Дынама" завершана шматступеннае галасаванне па вызначэнні самага прыгожага, эфектнага мяча, забітага нашай камандой у мінулым сезоне.
Заўзятары выбіралі пераможцу намінацыі з 16 варыянтаў. У выніку найлепшым прызнаны гол за аўтарствам Душана БАКІЧА ў выязным чэмпіянатным паядынку 10-га тура з "Гомелем" (1:0).
На сканчэнні мая "бела-сінія" зазналі вялікія праблемы ў гасцях у няпростага суперніка. А на 78-й хвіліне лёс сустрэчы вырашыла выканаўчае майстэрства чарнагорскага нападніка, які шыкоўна прабіў са "стандарта" метраў з 23 — абсалютна без шансаў для варатара — і дапамог узяць ачковы максімум.







