ПЕРШАЯ ЛІГА: СУПРАЦЬ АБСАЛЮТНАГА ДЭБЮТАНТА

У суботу, 29 сакавіка, у шматмесячны шлях па дыстанцыі другога па значнасці дывізіёна чэмпіянату краіны-2025 адправіцца "Дынама"-БДУФК. У межах стартавага тура належыць у родных сценах пазмагацца з іншай сталічнай камандай — "Юні Ікс Лабс", якая дэбютуе на такім узроўні.
Супернікі згуляюць на "сінтэтыцы" стадыёна "Дынама-Юні" па вул. Акадэміка Вышалескага, 4А. Пачатак у 17.00. Уваход для заўзятараў — вольны.
Войска Вячаслава Гярашчанкі з’явіцца на газоне ў белых майках і трусах (брамнік — цалкам у жоўтым).
Прызначэнне на сустрэчу атрымала брыгада арбітраў на чале з Дзмітрыем Маркавым, памочнікі — Яўген Раманаў (абодва — Магілёў) і Аляксей Кавалёў (Асіповічы). Чацвёрты суддзя — Уладзімір Русакоў (Мінск). Інспектар матчу — Міхаіл Лаўскі (Гомель).
Назіраць за развіццём падзей у жывым эфіры дазволіць трансляцыя на Youtube-канале АБФФ.