МАТЧ ЗА ЖАНОЧЫ СУПЕРКУБАК-2025: 6 САКАВІКА Ў 19.00

У чацвер, 6 сакавіка, праграму афіцыйных паядынкаў сезона адкрые "Дынама"-БДУФК. На коне — жаночы Суперкубак краіны, у суперніцах — традыцыйна "Мінск".
Змагацца належыць на стадыёне "Дынама-Юні" па вул. Акадэміка Вышалескага, 4А. Стартавы свісток прагучыць у 19.00. Уваход вольны.
Запрашаем заўзятараў падтрымаць нашых дзяўчат з трыбун!
Войска Юрыя Малеева выйдзе на родную "сінтэтыку" ў сініх майках і трусах (галкіпер — увесь у чырвоным).
Прызначэнне на трафейную гульню атрымала брыгада на чале з Мікітам Шыянам, памочнікі — Яўген Клімовіч (абодва — Дзяржынск) і Павел Мазура (Маладзечна). Чацвёрты суддзя — Сяргей Клімашэўскі. Інспектар матчу — Васіль Каліноўскі. Дэлегат АБФФ — Святлана Грынкевіч (усе — Мінск).
У жывым эфіры сустрэчу пакажа Youtube-канал АБФФ.