ІГАРУ ГУРЫНОВІЧУ — 65!

Сёння дзень нараджэння адзначае Ігар ГУРЫНОВІЧ — легендзе мінскага "Дынама" спаўняецца 65 гадоў.
Выхаванец сталічнага футбола правёў за галоўную каманду рэспублікі дванаццаць з паловай сезонаў: 281 афіцыйны паядынак, 66 забітых мячоў. Паказчыкі маглі быць яшчэ больш унушальныя, калі б не вялікая колькасць пашкоджанняў, якія, на жаль, часта перашкаджалі тэхнічнаму і хуткаснаму нападніку.
Але нават так кар’ера ў шэрагах "бела-сініх" атрымалася яскравай і багатай на здзяйсненні. Апагеем, натуральна, з’явілася чэмпіёнства СССР-1982 з галявым дублем у вырашальным выязным матчы з маскоўскім "Спартаком". Апроч таго, у прафайле — бронза найвышэйшай лігі годам пазней, фінал Кубка Савецкага Саюза-1987, уключэнне ў спіс 33 найлепшых гульцоў сезона (1982, 1983), медальныя выступленні ў складах зборных СССР: трыумф на юнацкім і моладзевым EURO, другое месца на юніёрскім першынстве свету. І, што важна, статус любімца заўзятараў.
Ігар Мікалаевіч цягам доўгага часу працуе ў структуры роднага клуба на пасадзе трэнера-селекцыянера, а таксама заўжды гатовы падзяліцца досведам з маладым пакаленнем.
Сардэчна віншуем юбіляра, зычым моцнага здароўя, дабрабыту, невычарпальнага аптымізму, прафесійных поспехаў!