СЕМ ФУТБАЛІСТАК "ДЫНАМА"-БДУФК МОГУЦЬ АДПРАВІЦЦА Ў ТУРЦЫЮ

Дзявоцкая зборная нашай краіны, укамплектаваная гульцамі не старэйшымі за 2006 год нараджэння, за экватарам заключнага зімняга месяца правядзе тры кантрольныя матчы.
Прычым усе адбудуцца ў Турцыі: у сераду, 19 лютага, — з равесніцамі з Расіі, у суботу, 22-га, — з самарскімі "Крыламі Саветаў", у аўторак, 25-га, — з дацкім "Вардэ" (Д2).
Падрыхтоўку да спарынгаў пачнуць 22 футбалісткі, у тым ліку сямёрка прадстаўніц "Дынама"-БДУФК — абаронцы Ангяліна ВАШЧУК, Дар’я ГАРШКОВА, Рэната КАЛІНОЎСКАЯ, Аляксандра ТАРАДУДА, хаўбекі Вераніка КАЛЮТА, нападнікі Віялета ВАЦУРА, Ганна ПУЦЫКОВІЧ.
У красавіку беларусак чакае удзел у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2025 WU19 (ліга "А"). У межах групы 4 належыць змагацца за адзіную пуцёўку ў фінальны турнір з суперніцамі з Італіі, Швецыі і Славакіі.