КІРЫЛ ЦАПЯНКОЎ — ФУТБАЛІСТ "ДЫНАМА-МІНСК"

Склад "бела-сініх" папоўніў малады хаўбек Кірыл ЦАПЯНКОЎ.
Наш навічок нарадзіўся 8 ліпеня 2004-га ў Шклове. Выхаванец мясцовай ДЮСШ (першы трэнер Яўген Пятровіч Моўчан) і магілёўскай СДЮШАР-7 (першы трэнер Міхаіл Міхайлавіч Юркевіч). На прафесійным узроўні дэбютаваў у 16-гадовым узросце — 22 лістапада 2020-га за брэсцкі "Рух" у дамашняй сустрэчы найвышэйшай лігі з "Шахцёрам". У выніку правёў у форме гэтай каманды шэсць афіцыйных матчаў, запісаў на асабісты рахунак гол і асістэнцкі бал.
Вясной 2022-га ўліўся ў абойму іншага прадстаўніка горада над Бугам — "Дынама", колеры якога абараняў крыху больш за два сезоны (38 паядынкаў, 3 забітыя мячы).
У мінулым ліпені далучыўся да "Слуцка", дзе за даволі кароткі тэрмін паказаў вельмі годную статыстыку: у 17 змаганнях нанёс восем трапных стрэлаў і зрабіў шэсць галявых перадач (элітны дывізіён — 5+5, Кубак — 3+1).
Кірыл, ласкава вітаем у шэрагах дзевяціразовых чэмпіёнаў Беларусі! Спадзяемся на дапамогу ў вырашэнні ўсіх пастаўленых задач!