ДАБРАЧЫННЫ ЗБОР — НА ГУЛЬНІ З "НЁМАНАМ"

7-гадовай Екацярыне Вінаградавай вельмі патрэбна наша дапамога!
Дзяўчынка пакутуе ад спінальнай мышачнай атрафіі II тыпу — каб жахлівы дыягназ не стаў прыгаворам, неабходны адзін укол надзвычай дарагога прэпарата Zolgensma.
Такую суму рэальна сабраць толькі агульнымі намаганнямі, таму звяртаемся да ўсіх заўзятараў "бела-сініх" з заклікам зрабіць унёсак у добрую справу!
На заўтрашнім кубкавым супрацьстаянні з "Нёманам" на тэрыторыі стадыёна "Дынама-Юні" па вул. Акадэміка Вышалескага, 4А будзе арганізавана ярмарка з удзелам беларускіх майстроў-умельцаў: грошы ад продажу тавараў ручной працы паступяць на рахунак для Каценькі.
Да таго ж адбудзецца маментальная латэрэя з адмысловымі квіткамі коштам 5 рублёў. Галоўны прыз — арыгінальны гульнявы мяч Лігі канферэнцый-2024/25.
З іншымі спосабамі аказаць дзіцяці фінансавую падтрымку можна азнаёміцца па спасылцы.