АНТОН ПУЦІЛА ВЯРНУЎСЯ Ў РОДНЫ КЛУБ

У трэнерскім штабе Акадэміі мінскага "Дынама" — папаўненне. Працу з хлопцамі 2011 года нараджэння пачаў Антон ПУЦІЛА, значная фігура ў гісторыі нашага клуба.
У бытнасць футбалістам тэхнічны крэатыўны хаўбек правёў у форме "бела-сініх" дзевяць з паловай сезонаў — 171 матч, 25 галоў плюс 27 асістэнцкіх балаў, двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі (2004, 2023).
Паспяховую кар’еру завяршыў на максімальна яскравай ноце — дапамог роднай камандзе заваяваць галоўны нацыянальны трафей пасля 19-гадовай паўзы. А напрыканцы 2024-га пачаў навучанне па праграме "А-УЕФА + В-УЕФА для прафесійных гульцоў" на базе РФС у Маскве.
Наперадзе ў маладога настаўніка чарговы цікавы выклік — магчымасць перадаць юнакам свой вельмі багаты досвед. Трэніраваць абойму U14, якой ужо ў верасні стартаваць у турніры ліцэнзавання, належыць у дуэце з Сяргеем Гігевічам. Зычым Антону Канстанцінавічу дасягнуць вялікіх вынікаў на новым полі дзейнасці!
Дарэчы, у структуры ФК "Дынама-Мінск" цяпер працуе і Станіслаў ДРАГУН, які выступаў за "бела-сініх" на пазіцыі паўабаронцы ў 2008-12 гадах (144 паядынкі, 29 забітых мячоў).