ІВАН КАНАВАЛАЎ — У МІНСКІМ "ДЫНАМА"

Абойму "бела-сініх" папоўніў расійскі брамнік Іван КАНАВАЛАЎ.
Наш навабранец нарадзіўся 18 жніўня 1994-га ў падмаскоўнай Балашыхе. Выхаванец Акадэміі ФК "Спартак" імя Фёдара Чаранкова (першы трэнер Валянцін Гаўрылавіч Івакін).
На зары кар’еры абараняў колеры пермскага "Амкара" (моладзевая каманда) і "Астрахані". У 2015-м перабраўся ў Сербію, дзе выступаў за "Раднічкі" з Ніша (6 матчаў) і "Бачку" (11).
У верасні 2017-га далучыўся да жодзінскага "Тарпеда"-БелАЗа (13). Напачатку наступнага года вярнуўся на радзіму: у чэмпіянаце Расіі-2018/19 з’яўляўся асноўным галкіперам казанскага "Рубіна" (усяго 22 паядынкі), адкуль пазней быў аддадзены ў арэнду ў екацерынбургскі "Ўрал" (2).
У далейшым запісал у прафайл этапы ў шатландскім "Лівінгстоне" (13), казахстанскім "Таболе" (28), разам з якім стаў уладальнікам Кубка краіны-2023, і азербайджанскім "Туране"(22).
Іван, ласкава вітаем у мінскім "Дынама"! Толькі паспяховай гульні і максімальных вынікаў!