РОЗЫГРЫШ ПРЫЗОЎ ПРАЗ МАТЧАВЫЯ ПРАГРАМКІ

У сераду, 18 чэрвеня, позіркі тысяч прыхільнікаў беларускага спорту будуць прыкуты да падзей на Нацыянальным футбольным стадыёне, дзе з 13-й хвіліны пры ліку 0:0 працягнецца змаганне мінскага "Дынама" і гарадзенскага "Нёмана" ў межах 3-га тура айчыннага элітнага дывізіёна-2025.
А з перапынку найцікавейшай сустрэчы знойдуць сваіх уладальнікаў традыцыйныя прызы:
- чэмпіёнская майка-2024;
- байка ад тытульнага партнёра нашага клуба — кампаніі Winline;
- мясны бокс ад Hopper.
Умова для ўдзелу ў розыгрышы ранейшая: патрэбуецца купіць афіцыйную матчавую праграмку — у намёце, размешчаным блізу ад фан-зоны на тэрыторыі арэны за цэнтральным уваходам з боку Партызанскага праспекта.
ЗВЯРТАЕМ УВАГУ тых, хто набыў праграмкі перад не завершаным 5 красавіка паядынкам! Паслязаўтра неабходна прынесці іх, прад’явіць у намёце, бясплатна атрымаць новыя, якія і будуць задзейнічаны ў розыгрышы (старыя можна пакінуць сабе).