ЗАКЛЮЧНЫ СУПЕРНІК ГЭТЫМ ЛЕТАМ — "АНДЭРЛЕХТ"
У чацвер, 15 жніўня, мінскае "Дынама" заваявала пуцёўку ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы-2024/25. Прычым у выязным матчы ў адказ 3-га "кваліфая" саступіла няпростаму гібралтарскаму "Лінкальну" — 1:2, аднак рушыла далей дзякуючы перамозе 2:0 у намінальна дамашняй сустрэчы.
Заключным бар’ерам на шляху ў групавую стадыю турніру для "бела-сініх" стане "Андэрлехт", бронзавы прызёр чэмпіянату Бельгіі мінулага сезона.
Спачатку супернікі згуляюць у венгерскім Мезякёвешдзе — 22 жніўня. Роўна праз тыдзень належыць змагацца ў Брусэлі.
Інфармацыя аб часе пачатку паядынкаў з’явіцца на нашым сайце і ў сацыяльных сетках заўтра.