ВЯРНУЛІСЯ Ў АМАЛЬ РОДНЫ ZSORY ETALON SPORT HOTEL
Наша каманда дабралася да месца сваёй дыслакацыі ў венгерскім Мезякёвешдзе.
Раніцай "бела-сінія" пакінулі гасцініцу Elliott у Гібралтары — заморскай тэрыторыі Вялікабрытаніі, дзе ўчора заваявалі пуцёўку ў раўнд плэй-оф Лігі Еўропы-2024/25, і на аўтобусе рушылі ў іспанскую Малагу. У 10.30 (11.30 па беларускім часе) пачаўся пералёт працягласцю тры з паловай гадзіны ў Будапешт, адкуль заставалася праехаць яшчэ 140 кіламетраў да фінішнага пункту прызначэння.
У выніку ў раёне 17.00 адбылося вяртанне ва ўжо амаль родны атэль Zsory Etalon Sport Hotel. Наперадзе ў хлопцаў — працэдуры для ўзнаўлення фізічных кандыцый і заслужаны адпачынак. А ўжо ў суботу стартуе падрыхтоўка да наступнага сур’ёзнага іспыту — супрацьстаянняў з бельгійскім "Андэрлехтам".