ПЕРШАЯ ЛІГА: КУРС НА АСТРАВЕЦ
У суботу, 31 жніўня, рэзервісты мінскага "Дынама" нанясуць чарговую новую кропку на мапу супрацьстаянняў са сваім удзелам. У межах 22-га тура чэмпіянату Беларусі-2024 ў другім па значнасці дывізіёне належыць адправіцца ў Астравец на паядынак з мясцовай аднайменнай камандай — на стадыёне АСК па вул. Паркавая, 8. Стартавы свісток прагучыць у 15.30.
Для заўзятараў нашага моладзевага складу ўваход на трыбуны — вольны.
Войска Дзмітрыя Лянцэвіча выйдзе на поле ў белых майках і трусах (брамнік — цалкам у жоўтым).
Сустрэчу абслужыць брыгада арбітраў на чале з Іванам Пугачовым са Смалявічаў, асіставаць якому будуць Віталь Побаль і Ігар Марашан (абодва — Гродна). Чацвёрты суддзя — Яўген Андрушойц (Астравец). Інспектар матчу — Васіль Каліноўскі (Мінск).
Назіраць за развіццём падзей анлайн можна дзякуючы трансляцыі на Youtube-канале АБФФ.