"МІНСК" — "ДЫНАМА"-БДУФК: 17 ЖНІЎНЯ Ў 17.00
У суботу, 17 жніўня, адбудзецца яшчэ адзін паядынак наймацнейшых жаночых каманд краіны. Нагадаем, што некалькімі днямі раней "Дынама"-БДУФК і "Мінск" разыйшліся ўнічыю 0:0 у межах чэмпіянату-2024, але ў кубкавым фінале такі вынік немагчымы. Калі асноўны час не вызначыць пераможцу, то трафей дастанецца больш паспяховаму пасля дадатковага ці ў серыі пенальці.
Вельмі важную гульню прыме асноўнае поле гарадзенскага стадыёна ГАКЦАР (вул. Камунальная, 3А). Стартавы свісток прагучыць у 17.00.
Дарэчы, уваход на трыбуны — вольны. Чакаем унушальнай групы падтрымкі нашай каманды!
Падначаленыя Юрыя Малеева з’явяцца на газоне ў белых майках і трусах (брамнік — цалкам у чырвоным).
Суперніц рассудзіць брыгада арбітраў у такім складзе: галоўны — Ігар Шумілаў (Азярцо), памочнікі — Антон Гусеў і Максім Арабей (абодва — Мінск). Чацвёрты — Дзмітрый Дубатоўка (Гродна). Інспектар матчу — Міхаіл Архіпаў (Жодзіна). Дэлегат АБФФ — Святлана Грынкевіч (Мінск).
У жывым эфіры супрацьстаянне пакажа тэлеканал "Беларусь 5".