ГУЛЬНІ З "ГОМЕЛЕМ" І "ТАРПЕДА"-БЕЛАЗАМ ПЕРАНЕСЕНЫ
Асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола" задаволіла хадайніцтва мінскага "Дынама" аб змяненні дат правядзення матчаў айчыннага элітнага дывізіёна-2024 супраць "Гомеля" (19-ы тур, першапачаткова — 25 жніўня, дома) і "Тарпеда"-БелАЗа (20-ы тур, 1 верасня, у гасцях).
Прычына — выступленне "бела-сініх" у раўндзе плэй-оф Лігі Еўропы-2024/25, дзе належыць сустрэцца з бельгійскім "Андэрлехтам" 22 і 29 жніўня.
Такім чынам, наша каманда перанесла на больш позні тэрмін сумарна шэсць паядынкаў: апроч пералічаных вышэй, таксама чэмпіянатныя са "Смаргонню", "Мінскам", "Нафтанам" і кубкавы з "Нёманам".