ДА "БЕЛА-СІНІХ" ДАЛУЧЫЎСЯ ДЗЯНІС ПАЛЯКОЎ
Футбалістам мінскага "Дынама" стаў абаронца Дзяніс ПАЛЯКОЎ.
Наш навабранец нарадзіўся 17 красавіка 1991-га ў сталіцы Беларусі. Выхаванец СДЮШАР "Дынама" (першыя трэнеры Юрый Веніямінавіч Расолька і Аляксандр Яўгеньевіч Ляўковіч). У 2007-м пачаў выступаць за дубль "Шахцёра", за галоўную каманду дэбютаваў 13 сакавіка 2010-га ў выязным кубкавым чвэрцьфінале з "Нёманам".
Пасля двух сезонаў у якасці жалезнага гульца асновы "гарнякоў" далучыўся да БАТЭ, дзе правёў найлепшы пакуль этап кар’еры: 212 матчаў і 8 галоў, уладальнік сямі чэмпіёнскіх тытулаў (2012-18), Кубка (2015) і чатырох Суперкубкаў (2014-17) краіны, удзельнік групавых раўндаў Лігі чэмпіёнаў (2012/13, 2014/15, 2015/16) і Лігі Еўропы (2017/18, 2018/19).
У першай палове 2018-га ўпершыню паспытаў легіянерскага хлеба — у кіпрскім "Апаэлі". У далейшым абараняў колеры расійскага "Ўрала" (2019-20), казахстанскіх "Кайрата" (2020-21) і "Астаны" (2022), ізраільскага "Хапаэля" з Хайфы (2023-24).
З’яўляецца чэмпіёнам Кіпра (2018) і Казахстана (2020, 2022). Бронзавы прызёр моладзевага EURO’2011, ад званка да званка адпрацаваў усе тры сустрэчы на летняй Алімпіядзе-2012 ў Лондане.
Зараз у актыве Палякова — 530 паядынкаў на найвышэйшым узроўні, у тым ліку 63 — у форме нацыянальнай зборнай Беларусі.
Дзяніс, ласкава вітаем у дынамаўскай сям’і! Верым, што твой досвед і ўніверсалізм дапамогуць "бела-сінім" дабіцца максімальных поспехаў на кожным з франтоў!