"БЕЛА-СІНІЯ" ПРЫБЫЛІ Ў ГІБРАЛТАР
Мінскія дынамаўцы паспяхова дабраліся да заморскай тэрыторыі Вялікабрытаніі, размешчанай на поўдні Пірэнейскай паўвыспы, дзе ўвечары чацвярга, 15 жніўня, пастараюцца заваяваць пропуск у раўнд плэй-оф Лігі Еўропы-2024/25 у супрацьстаянні ў адказ з "Лінкальнам".
Наша каманда здзейсніла авіяпералёт па маршруце Будапешт — Малага, а ўжо з курортнага іспанскага горада пераадолела 140-кіламетровы шлях на аўтобусе да Гібралтара. Там футбалісты і трэнерска-адміністратыўны штаб аператыўна засяліліся ў атэль Elliott.
У сённяшнім раскладзе "бела-сініх" — знаёмства з "сінтэтыкай" стадыёна "Еўропа Поінт" у межах перадгульнявога занятку, а таксама прэс-канферэнцыя з удзелам настаўніка Вадзіма СКРЫПЧАНКІ і паўабаронцы Мікіты ДЗЕМЧАНКІ.