У ЛАПАВУХАВА — "СУХІ" МАТЧ ЗА НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ЗБОРНУЮ
Галоўная футбольная каманда нашай краіны адкрыла гульнявую праграму ў межах адборачнай кампаніі Лігі нацый-2024/25. У стартавым паядынку, які быў намінальна дамашнім і праходзіў у венгерскім Залаэгерсегу, падначаленыя іспанскага спецыяліста Карласа Аласа Ферэра разыйшліся ўнічыю з балгарамі — 0:0.
На полі ў той вечар з’явіліся тры прадстаўнікі мінскага "Дынама". Ад званка да званка і вельмі якасна адпрацаваў брамнік Фёдар ЛАПАВУХАЎ, які запісаў у асабісты актыў некалькі выдатных сэйваў. На 77-й хвіліне з лавы запасных узнялі апорніка Аляксандра СЯЛЯВУ, на 83-й — нападніка Трафіма МЕЛЬНІЧЭНКУ, адгэтуль самага юнага дэбютанта зборнай (17 гадоў, 11 месяцаў і 18 дзён).
У другім матчы групы 3 дывізіёна С паўночнаірландцы ў родных сценах адолелі супернікаў з Люксембурга — 2:0.
Менавіта з тымі, хто саступіў, беларусы пазмагаюцца ў нядзелю, 8 верасня, на выездзе.
Фота: прэс-служба АБФФ