ЦЯПЕР З "ПЮНІКАМ" ЗГУЛЯЮЦЬ НАШЫ ЮНАКІ
У швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне 1-га раўнда "Шляху дамашніх чэмпіёнаў" Юнацкай лігі УЕФА-2024/25. Менавіта тут прымаюць удзел мінскія дынамаўцы — як пераможцы самай старшай узроставай групы нацыянальнага "турніру ліцэнзавання" мінулага сезона.
Падначаленым Дзмітрыя Лянцэвіча выпала стартаваць па слядах асноўнага складу — у суперніках равеснікі з армянскага "Пюніка" з Ерэвана. Першапачаткова вызначаныя календаром гульнявыя дні — 18 верасня і 2 кастрычніка.
Нагадаем, што ў спаборніцтвах выступаюць хлопцы не старэйшыя за 2006 год нараджэння, але рэгламентам дазваляецца заявіць на раўнд не больш за пяць футбалістаў 2005 г.р., прычым у пратаколе на канкрэтны матч маюць права знаходзіцца толькі тры.