ІЛЛЯ ЧАРНЯК — ФУТБАЛІСТ "БЕЛА-СІНІХ"
Першым навабранцам мінскага "Дынама" ў міжсезонні стаў нападнік Ілля ЧАРНЯК.
Гэты футбаліст нарадзіўся 19 мая 2002 года ў аграгарадку Яроміна, што каля Гомеля. Выхаванец мясцовай СДЮШАР-8 (першы трэнер Алег Іванавіч Ракаў). У 2019-м пачаў выступаць за дублёраў "Гомеля", у 2020-м перабраўся ў "Шахцёр", дзе абараняў колеры рэзервовай каманды і некалькі разоў трапляў у заяўку на матчы найвышэйшай лігі.
У 2021-м на правах арэнды перабраўся ў харвацкае "Дынама-2" з Заграба (Д2; 9 паядынкаў).
Потым вярнуўся ў шэрагі "гарнякоў" — і здолеў стаць гульцом асноўнай абоймы. Дэбютаваў у айчынным элітным дывізіёне 16 красавіка 2022-га ў дуэлі з барысаўскім БАТЭ, праз паўтара месяца адкрыў лік галам у супрацьстаянні з "Віцебскам". Усяго ў тым сезоне правёў 27 сустрэч, забіў 7 мячоў і аддаў 6 выніковых перадач.
У 2023-м зноў адправіўся за мяжу. У лютым падпісаў кантракт з грозненскім "Ахматам" (два з'яўлення на полі ў чэмпіянаце Расіі, адно — у Кубку), летам далучыўся да казахстанскага "Каспія" (8; 1+2).
Мае ў прафайле шэсць матчаў за моладзевую зборную Беларусі.
Рады вітаць Іллю ў абойме нашага клуба і зычым дапамагчы "бела-сінім" у дасягненні ўсіх амбіцыйных задач!