ГАННА САС — ГУЛЕЦ "ДЫНАМА"-БДУФК
Да нашай жаночай каманды далучылася апорны паўабаронца Ганна САС.
Навабранец "Дынама"-БДУФК нарадзілася 6 кастрычніка 2003-га ў Мінску. З’яўляецца выхаванкай аднайменнага футбольнага клуба (першы трэнер Юрый Веніямінавіч Расолька), за які дэбютавала на прафесійным узроўні 29 сакавіка 2020-га ў паядынку за Суперкубак Беларусі супраць "Зоркі"-БДУ (5:0) — і адразу ж узняла над галавой трафей.
У абойме "гараджанак" выступала цягам двух сезонаў, у абодвух станавілася срэбраным прызёрам чэмпіянату краіны. У пачатку 2022-га адкрыла легіянерскую старонку ў кар’еры — у нямецкім "Карл Цэйсе" з Ены. Летам таго ж года перабралася ў польскі "Чарні Сасновец", а ў ліпені 2023-м падпісала кантракт з турэцкім "Карагумрукам".
За нацыянальную зборную правяла 18 матчаў.
Зычым Ганне максімальных поспехаў у бела-сіняй форме!