У СЯРГЕЯ ПАЛІЦЕВІЧА — 500 ГУЛЬНЯЎ НА НАЙВЫШЭЙШЫМ УЗРОЎНІ!
Дзякуючы ўдзелу ў суботнім змаганні ў горадзе над Бугам (1:1) капітан нашай каманды Сяргей ПАЛІЦЕВІЧ стаў членам арганізаванага спартовай газетай "Прэсбол" Клуба Сяргея Алейнікава, куды ўключаюцца футбалісты, якія дабраліся да адзнакі ў паўтысячы матчаў на найвышэйшым узроўні.
Дэбютны крок да такога дасягнення цэнтральны абаронца зрабіў 6 жніўня 2008 года — у форме самарскіх "Крылаў Саветаў" у дуэлі 1/16 фіналу Кубка Расіі з аранбургскім "Газавіком".
Потым у кар’еры ураджэнца Ліды былі наваполацкі "Нафтан" (2009-10), мінскае "Дынама" (2011-15, з 2023-га), турэцкі "Генчлербірлігі" (2016-18), казахстанскі "Кайрат" (2018-19), салігорскі "Шахцёр" (2020-22).
Вось як выглядае раскладка паядынкаў вопытнага гульца па турнірах: чэмпіянат Беларусі — 249, Кубак Беларусі — 27, Суперкубак Беларусі — 4, еўракубкі ў складах айчынных клубаў — 40, элітныя дывізіёны чэмпіянатаў замежных краін — 79, Кубкі замежных краін — 8, еўракубкі ў складах замежных клубаў — 4. Плюс у актыве ёсць 50 сустрэч за нацыянальную зборную, 8 — за алімпійскую, 31 — за моладзевую.
219 з 500 супрацьстаянняў Паліцевіч правёў у якасці мінскага дынамаўца (чэмпіянат — 165, Кубак — 16, Суперкубак — 1, Ліга чэмпіёнаў — 3, Ліга Еўропы — 31, Ліга канферэнцый — 3). І заваяваў тут два галоўных унутраных тытула (2023, 2024).
Віншуем Сяргея Эдуардавіча са скарэннем знакавай мяжы!