200-Я ГУЛЬНЯ ЎЛАДЗІМІРА ХВАШЧЫНСКАГА ЗА "БЕЛА-СІНІХ"
Учорашні выязны паядынак з аднаклубнікамі з Брэста (1:1) аказаўся для Ўладзіміра ХВАШЧЫНСКАГА асаблівым — 200-м афіцыйным у форме мінскага "Дынама".
У складзе "бела-сініх" нападнік дэбютаваў 16 сакавіка 2013 года ў дамашнім кубкавым чвэрцьфінале супраць "Шахцёра" (0:0, па пенальці 4:2). Упершыню забіў праз пару месяцаў — 12 мая адкрыў лік у горадзе над Бугам у межах чэмпіянатнай сустрэчы (2:0).
Сумарна правёў у нашай камандзе сем з паловай сезонаў (2013 — ліпень-2014, 2016-18, ліпень-2020 — ліпень-2021, з 2023-га). Вось як выглядае раскладка матчаў па турнірах: элітны дывізіён — 159, Кубак краіны — 14, Ліга чэмпіёнаў — 3, Ліга Еўропы — 22, Ліга канферэнцый — 2.
На гэтых адрэзках кар’еры Хвашчынскі запісаў сабе ў актыў 46 мячоў, 22 выніковыя перадачы — і два тытулы чэмпіёна Беларусі.
Віншуем з дасягненнем ганаровай адзнакі!