"ДЫНАМА-МІНСК" — БАТЭ: ІНФАРМАЦЫЯ АБ МАТЧЫ
Праграму дамашніх паядынкаў у межах айчыннай найвышэйшай лігі-2024 каманда Вадзіма Скрыпчанкі закрые ў панядзелак, 25 лістапада, — на полі Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама" належыць пазмагацца з барысаўскім БАТЭ. Стартавы свісток прагучыць у 20.00.
КВІТКІ
Кошт — 6-13 рублёў (у VIP-ложу 43 — 35 рублёў). Набывайце:
- на Ticketpro;
- у любым з пунктаў продажу кампаніі па ўсёй краіне;
- у фан-шопе на НАС "Дынама" (вул. Кірава, 8/6, сектар D24; штодня з 11.00 да 20.00, перапынак — 15.00-16.00).
У дзень гульні квіткі можна купіць у касах стадыёна — з 12.00 да 21.00.
Сектар актыўнай падтрымкі гаспадароў (фанаты) — С23, для прыхільнікаў барысаўчан выдзелены В12 і В13.
Увазе ўладальнікаў пашпарта заўзятара! Вазьміце яго з сабой і зафіксуйце візіт спецыяльным штампам у фан-зоне — да пачатку ці ў перапынку. Астатнім жа рэкамендуем абзавесціся карыснай карткай, якая дазваляе разлічваць на прызы за наведванне супрацьстаянняў мінскага "Дынама" ў родных сценах.
Дарэчы, 25 лістапада тым, хто прысутнічаў на кожнай з пятнаццаці дамашніх чэмпіянатных дуэляў у гэтым годзе, уручаць падарункі!
НАДВОР’Е
Паслязаўтра ўвечары ў цэнтры сталіцы будзе воблачна, ападкаў не чакаецца. Слупок тэрмометра размясціцца ў адзнакі +1+3 градусы.
ДОПУСК ЗАЎЗЯТАРАЎ
Абодва ўваходы на тэрыторыю арэны з боку вул. Кірава адкрыюць у 18.30.
ФОРМА
Нашы хлопцы прымераць сінія майкі і трусы (брамнік — цалкам у чорным).
СУДДЗІ І АФІЦЫЙНЫЯ АСОБЫ
Сустрэчу абслужыць брыгада арбітраў на чале з Дзмітрыем Маркавым, асістэнтамі якога стануць Яўген Раманаў (абодва — Магілёў) і Аляксей Кавалёў (Асіповічы). Чацвёрты — Яўген Навумаў (Мінск).
Інспектар матчу — Міхаіл Архіпаў (Жодзіна).
Дэлегат АБФФ — Сяргей Ільіч (Мінск).
ТРАНСЛЯЦЫЯ
У жывым эфіры "класіка" пакажа тэлеканал "Беларусь 5".