СТЭФАН АЛЬФРЭД — ЯШЧЭ АДЗІН НАВІЧОК НАШАЙ КАМАНДЫ
Да складу мінскага "Дынама" далучыўся нігерыйскі нападнік Стэфан АЛЬФРЭД.
Наш навабранец нарадзіўся 11 кастрычніка 1997 года ў рэгіёне Курмі, што на паўднёвым усходзе краіны. Выхаванец Акадэміі ФК "Kurmi Star" (першы трэнер Якубу Бітрус).
У 2018-м перабраўся ў малдаўскі "Саксан" (Д2), дзе стаў найлепшым бамбардзірам каманды з 11 трапнымі стрэламі. Потым падпісаў кантракт з расійскім "Сочы" (Д2; 7 матчаў, 1 выніковая перадача), а летам 2019-га быў адданы ў арэнду ў армянскі "Пюнік", з якім, нагадаем, "бела-сінія" ўжо на наступным тыдні пазмагаюцца ў межах Лігі чэмпіёнаў-2024/25.
У абойме ерэванцаў правёў паўтары сезоны (21/2+2), у тым ліку чатыры разы з’явіўся на полі ў кваліфікацыі Лігі Еўропы-2019/20 — у супрацьстаяннях з македонскім "Шкупі", чэшскім "Яблонцам" і англійскім "Вулверхэмптанам".
У 2021-м выступаў за "Слуцк", дзе сабраў 15 балаў па сістэме "гол плюс пас" — 9+6 у 26 паядынках.
У далейшым цягам двух з паловай гадоў гуляў у Ізраілі — за "Хапаэль" з Хадэры (Д1; 41/8+1) і "Макабі" з Херцліі (Д2; 26/4+3).
Вітаем Стэфана ў дынамаўскіх шэрагах! Няхай гэты этап кар’еры атрымаецца максімальна паспяховым!