ПАЎЛУ РАДНЁНКУ — 60 ГАДОЎ!
У аўторак, 30 ліпеня, юбілей адзначае вядомы беларускі футбольны спецыяліст Павел РАДНЁНАК — экс-гульцу і трэнеру мінскага "Дынама" спаўняецца 60 гадоў.
У складзе "бела-сініх" няўступлівы абаронца правёў 230 паядынкаў ва ўсіх афіцыйных турнірах, забіў 4 мячы. Менавіта тут дэбютаваў на прафесійным узроўні — 27 чэрвеня 1984-га ў дамашняй сустрэчы найвышэйшай лігі з ташкенцкім "Пахтакорам", а потым выступаў цягам васьмі сезонаў, у 1992-м стаў чэмпіёнам і ўладальнікам Кубка незалежнай Беларусі, у форме нацыянальнай зборнай якой выходзіў на поле тузін разоў.
Менавіта да родных пенатаў вярнуўся завяршаць кар’еру ў 1998-м, прычым два гады з’яўляўся жалезным гульцом асновы і сапраўдным дзядзькам для значна амалоджанай абоймы.
У 2000-м далучыўся да трэнерскага штаба дынамаўцаў, ужо напрыканцы чэрвеня размясціўся ў стырна каманды — і прывёў падначаленых да заваявання бронзы элітнага дывізіёна. У далейшым доўгі час працаваў на карысць развіцця айчыннага футбола.
Сардэчна віншуем Паўла Пятровіча, зычым моцнага здароўя, душэўнага спакою, шчасця і рэалізацыі ўсіх планаў! Са святам!
Фота: vk.com/energetikbgu