НЕ СТАЛА МІХАІЛА ВЕРГЯЕНКІ
Раніцай аўторка, 16 ліпеня, ва ўзросце 74 гадоў пайшоў з жыцця легендарны мінскі дынамавец Міхаіл ВЕРГЯЕНКА.
Ураджэнец Гомеля яшчэ ў юнацтве перабраўся ў структуру "бела-сініх", дзе ў ролі брамніка правёў паўтара дзясяткі сезонаў (ва ўсіх афіцыйных турнірах — 309 паядынкаў). У залатым 1982-м з’яўляўся адным з сапраўдных важакоў калектыву, у 28 сустрэчах у найвышэйшай лізе прапусціў толькі 24 мячы плюс адзначыўся забітым — з пенальці ў дамашнім супрацьстаянні з азербайджанскім "Нефтчы".
Срэбраны прызёр моладзевага EURO’1972 ў складзе зборнай СССР.
З 1984-га — у трэнерскім штабе роднай каманды. У якасці глаўкома прывёў падначаленых да перамог у чэмпіянатах Беларусі-1992, 1992/93. Стаяў у стырна нацыянальнай зборнай краіны (1992-94, 1997-99).
У далейшым доўга працаваў у Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" — тэхнічным дырэктарам, намеснікам старшыні, уваходзіў у выканкам арганізацыі.
ФК "Дынама-Мінск" выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Міхаіла Нікіфаравіча.