6 КРАСАВІКА "ДЫНАМА-МІНСК"-2 ДЭБЮТУЕ Ў ПЕРШАЙ ЛІЗЕ
У гэты ўік-энд адправяцца ў дарогу 18 удзельнікаў другога па значнасці дывізіёна чэмпіянату Беларусі-2024. На дыстанцыю выйдзе і наша моладзевая каманда, якая ў мінулым сезоне святкавала звышупэўненую перамогу ў турніры дублёраў.
На новым для сябе ўзроўні падначаленыя Дзмітрыя Лянцэвіча стартуюць у суботу, 6 красавіка, дамашнім паядынкам з "Нівай" з Доўбізна, што ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Супернікі пазмагаюцца на стадыёне "Дынама-Юні" па вул. Вышалеская, 4А. Пачатак у 17.00. Уваход вольны.
Гаспадары згуляюць у белых майках і трусах (брамнік — цалкам у чорным).
Сустрэчу абслужыць брыгада арбітраў з Гродна: галоўны — Аляксей Шыпіца, асістэнты — Сяргей Фірыновіч і Сяргей Гідрэвіч. Чацвёрты суддзя — Яўген Атрохаў (Мінск). Інспектар матчу — Уладзімір Ішчанка (Рэчыца).
У жывым эфіры за развіццём падзей можна назіраць дзякуючы трансляцыі на Youtube-канале АБФФ.