ПЕРШАЯ ЛІГА: ДОМА СУПРАЦЬ ЗЕМЛЯКОЎ-"ЭНЕРГЕТЫКАЎ"
У панядзелак, 3 чэрвеня, летнюю частку гульнявой праграмы ў межах чэмпіянату краіны-2024 ў другім па значнасці дывізіёне адкрые наш моладзевы склад. Дамашні паядынак 9-га тура са сталічным "Энергетыкам"-БДУ адбудзецца на стадыёне "Дынама-Юні" па вул. Вышалескага, 4А. Стартавы свісток прагучыць у 20.00. Уваход вольны.
Войска Дзмітрыя Лянцэвіча зрабіла выбар на карысць белых маек і трусоў (галкіпер — цалкам у жоўтым).
Прызначэнне на сустрэчу атрымала брыгада арбітраў на чале з Аляксандрам Калачынскім, асістэнтамі якога стануць Мікіта Хомчанка (абодва — Магілёў) і Дзмітрый Загарэльскі (Орша). Чацвёрты суддзя — Сяргей Набокін. Інспектар матчу — Юрый Дупанаў (абодва — Мінск).
Жывая трансляцыя супрацьстаяння дасяжна на Youtube-канале АБФФ.