"ІСЛАЧ" — "ДЫНАМА-МІНСК": ІНФАРМАЦЫЯ АБ МАТЧЫ
У нядзелю, 6 жніўня, наша галоўная каманда ўзнавіць выступленні ў чэмпіянаце краіны-2023 ў найвышэйшай лізе — і ў межах 16-га тура на выездзе пазмагаецца з прысталічнай "Іслаччу".
Вельмі цікавы паядынак адбудзецца ў Маладзечне, на стадыёне "Гарадскі" (вул. Машэрава, 6). Пачатак а 16-й гадзіне.
Звяртаем увагу заўзятараў: уваход на трыбуны — вольны!
НАДВОР’Е
Паслязаўтра днём у райцэнтры на паўночным захадзе Мінскай вобласці будзе ясна і спякотна — столбік тэрмометра ўзнімецца да +30+32 градусаў.
ФОРМА
Дынамаўцы прымераць белыя майкі і трусы (галкіпер — цалкам у чорным).
СУДДЗІ І АФІЦЫЙНЫЯ АСОБЫ
Прызначэнне на гульню атрымала брыгада арбітраў на чале з Аляксеем Кульбаковым, асістэнтамі якога стануць Сяргей Цяслюк (абодва — Гомель) і Алег Маслянка (Брэст). Чацвёрты суддзя — Кірыл Апановіч (Мінск).
Інспектар матчу — Віктар Чэрнік (Гродна).
Дэлегат АБФФ — Дзмітрый Касянок (Мінск).
ТРАНСЛЯЦЫЯ
Назіраць за развіццём падзей у жывым эфіры можна праз тэлеканал "ЯСНАе TV", а таксама сайт АБФФ (з інтэршумам) і Youtube-канал АБФФ (толькі для гледачоў з-за мяжы Беларусі).
ДУБЛЁРЫ
Нагадаем, што супрацьстаянне рэзервовых складаў перанесена на 27 верасня.