ЖАНОЧАЯ ЗБОРНАЯ НЕ ЎТРЫМАЛА НІЧЫЮ
Запушчаны першы ў гісторыі розыгрыш жаночай Лігі нацый, удзел у якой прымае і каманда Беларусі — трапіла, у адпаведнасці з рэйтынгам, у дывізіён В.
Свой шлях у межах групы 4 падначаленыя Юрыя Малеева пачалі з намінальна дамашняга супрацьстаяння з апаненткамі з Босніі і Герцагавіны. І саступілі 1:2, прапусціўшы вырашальны мяч на 87-й хвіліне.
На поле стадыёна "Альцуфер" у венгерскім Дзьёры выйшлі шэсць прадстаўніц мінскага "Дынама"-БДУФК. Ад званка да званка адпрацавалі Юлія СЛЯСАРЧЫК, Настасся ЛІННІК з капітанскай павязкай на рукаве і Вікторыя ВАЛЮК. Настассю ШУПО і Ганну ПІЛІПЕНКУ замянілі на 69-й і 91+-й хвілінах суадносна, Настасся ШЛАПАКОВА была ўзнята з лаўкі запасных на 69-й.
Дарэчы, менавіта Ліннік на 14-й хвіліне аднавіла раўнавагу ў ліку — з перадачы Піліпенкі.
У аўторак, 26 верасня, беларускам належыць на выездзе пазмагацца з чэшкамі, якія ў стартавай сустрэчы адолелі славенак (2:0).
Фота: vk.com/belarusff