"ШАХЦЁР" — "ДЫНАМА-МІНСК": ІНФАРМАЦЫЯ АБ МАТЧЫ
Наступная гульня айчыннага элітнага дывізіёна-2023 чакае нашу галоўную каманду ў суботу, 23 верасня, калі ў межах 22-га тура належыць на выездзе пазмагацца з "Шахцёрам". Супернікі будуць высвятляць адносіны ў Салігорску, на стадыёне "Будаўнік" (вул. Ленінскага Камсамола, 51). Стартавы свісток прагучыць у 21.00.
КВІТКІ
Для заўзятараў мінскага "Дынама" выдзелены сектар 1.
Кошт квітка — 4 рубля (2 — для ветэранаў працы і баявых дзеянняў; гледачоў да 18 гадоў; інвалідаў I і II груп; мужчын і жанчын пенсіённага ўзросту; студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вочнай формы навучання — пры прад’яўленні адпаведных дакументаў; бясплатна — для ветэранаў ВАВ; дзяцей да 6 гадоў у суправаджэнні дарослага).
Купіць квіткі можна анлайн. У дзень паядынку касы стадыёна адкрыюцца ў 19.00.
НАДВОР’Е
Паслязаўтра позна ўвечары ў калійнай сталіцы рэспублікі будзе воблачна. Сіноптыкі прагназуюць дажджы — пры тэмпературы +18+20 градусаў.
ФОРМА
Нашы хлопцы выйдуць на поле ў сініх майках і трусах (брамнік — цалкам у чорным).
СУДДЗІ І АФІЦЫЙНЫЯ АСОБЫ
Прызначэнне на найцікавейшую сустрэчу атрымала брыгада арбітраў на чале з Віктарам Шымусікам, асістэнтамі якога стануць Аляксей Кавалёў (абодва — Асіповічы) і Аляксандр Банцееў (Бабруйск). Чацвёрты суддзя — Вячаслаў Наронскі (Мінск).
Інспектар матчу — Георгій Вярбіцкі (Мінск).
Дэлегат АБФФ — Аляксандр Алейнік (Мінск).
ТРАНСЛЯЦЫЯ
Жывы эфір — на тэлеканале "Беларусь 5". Тых, хто хоча сачыць за развіццём падзей з-за межаў краіны, запрашаем на Youtube-канал АБФФ.
ДУБЛЁРЫ
Рэзервовыя склады згуляюць ў нядзелю, 24 верасня, на стадыёне "Шахцёр" (вул. Горкага, 32; натуральны газон). Пачатак у 13.00.