СЯРГЕЙ ПАЛІЦЕВІЧ ВЯРНУЎСЯ Ў МІНСКАЕ "ДЫНАМА"
ФК "Дынама-Мінск" рады паведаміць пра заключэнне кантракта з цэнтральным абаронцам Сяргеем Паліцевічам.
Навабранец "бела-сініх" нарадзіўся 9 красавіка 1990 года ў Лідзе. Выхаванец мясцовай ДЮСШ (першыя трэнеры Алег Равілевіч Урусаў, Іван Прохаравіч Прохараў).
У 2007-м дэбютаваў у айчыннай найвышэйшай лізе ў форме "Нафтана", у 2008-м перабраўся ў расійскія "Крылы Саветаў" з Самары, адкуль праз паўтары гады вярнуўся ў наваполацкі клуб.
У студзені 2011-га далучыўся да нашай каманды, дзе гуляў цягам пяці сезонаў і меў непасрэднае дачыненне да выхаду дынамаўцаў у групавыя раўнды Лігі Еўропы-2014/15 і -15/16. Увогуле правёў у складзе "бела-сініх" 173 афіцыйныя паядынкі, адзначыўся 11 галамі, станавіўся срэбраным (2014, 2015) і бронзавым (2012, 2013) прызёрам чэмпіянатаў краіны. У 43 матчах выводзіў партнёраў на поле з капітанскай павязкай на рукаве.
Потым зноў адправіўся за мяжу — выступаў за турэцкі "Генчлербірлігі" (2016-18) і казахстанскі "Кайрат" (2018-19). У 2020-м аформіў працоўныя адносіны з салігорскім "Шахцёрам", якому дапамог тройчы запар заваяваць чэмпіёнскі тытул.
З'яўляецца бронзавым прызёрам моладзевага EURO'2011, удзельнікам Алімпійскіх гульняў-2012.
Вітаем Сяргея і зычым, каб другі этап кар'еры ў нашым клубе аказаўся яшчэ больш паспяховым!